top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НЕКАЛЬКІ НАПАМІНКАЎ АБ БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ

  • pepper
  • 2 days ago
  • 5 min read

1. Ад 2020-га года Эўразьвяз пачаў уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, блакаваць беларускую эканоміку, гандаль, транспарт і інфраструктуру. Пры гэтым Эўразьвяз спыніў усе кантакты з уладай рэжыму і разарваў усе адносіны. Гэта тлумачылі ціскам на рэжым Лукашэнкі, патрабавалі, каб ён спыніў рэпрэсіі, а пазьней, каб не спрыяў агрэсіі пуцінскай Расеі супраць Украіны. Фармальна патрабаваньні справядлівыя.


2. У выніку ўвядзеньня эканамічных санкцыяў, накладзеных на прадпрыемствы, бізнэс, на тавары першай неабходнасьці, на лякарствы і, практычна, на ўсе бытавыя тавары, на чыгуначны і паветраны транспарт і інш. -- усё гэта:

1) пагоршыла жыцьцё беларускага народа, звузіла магчымасьці працы і сацыяльнага існаваньня;

2) штурхнула палітыку рэжыму і рэжымную эканоміку ў Расею. Улада рэжыму, гандаль і эканоміка Беларусі трапілі ў татальную залежнасьць ад агрэсіўнай Расеі;

3) адкрыла шлюзы афра-азіяцкай міграцыі праз беларускую мяжу (бо Эўропа ў рэчышчы санкцый адмяніла Беларусі фінансаваньне за ахову мяжы Эўразьвязу ад мігрантаў) ;

4) разьвязала рукі прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі для генацыду і ўзмацненьня рэпрэсій супраць беларусаў.


3. Што трэба зрабіць для выпраўленьня становішча дзеля карысьці для Беларусі і Захаду:

1) Эўразьвязу і ЗША неабходна аднавіць кантакты з антынародным рэжымам Лукашэнкі па перамовах аб вызваленьні палітвязьняў, абмежаваньні і спыненьні рэпрэсіяў узамен за адмену эканамічных санкцыяў;

2) Эўразьвязу і ЗША неабходна адмяніць усе эканамічныя санкцыі, акрамя санкцыяў супраць ваеннай вытворчасьці, узамен за вызваленьне палітвязьняў;

3) Эўразьвязу і ЗША неабходна аднавіць транспартныя і гандлёвыя кантакты беларускага насельніцтва з Захадам (зьнесьці блакіроўкі і забароны) узамен за вызваленьне палітвязьняў;

4) Эўразьвяз і ЗША могуць прапанаваць гандлёвыя магчымасьці і інвестыцыі ў эканоміку Беларусі (калійная прамысловасьць) пры ўмове гарантыяў бясьпекі вяртаньня беларускай эканамічнай эміграцыі з-за мяжы, спыненьня судовых спраў і перасьледу; (і далей па ўсёй грамадзкай шкале) узамен за спыненьне рэпрэсіяў;

5) сэнс такіх дачыненьняў: а) паступовая інтэграцыя беларускага грамадзтва ў эўрапейскія адносіны; б) умацаваньне самастойнасьці лукашысцкага рэжыму перад Расеяй; в) павелічэньне гандлёва-эканамічнага ўдзелу Захаду ў Беларусі; г) такая раскладка канкрэтна выгадна ўсім, акрамя Масквы; д) у стратэгічным плане гэта выгадна беларускім нацыянальным інтарэсам. (Заўвага. Ліквідацыя дыктатуры магчымая толькі пры лібэралізацыі грамадзтва. Найбліжэйшы прыклад – СССР.)


4. У агульным плане, улічваючы ўкраінска-расейскую вайну і гібрыдную акупацыю Беларусі, і залежнасьць лукашысцкага рэжыму ад Расеі, бюракратычны Эўразьвяз зрабіў (і робіць далей) фатальную стратэгічную памылку адносна Беларусі.

Гэтая краіна (Беларусь) і яе геаграфічнае разьмяшчэньне на палітычнай мапе дачыненьняў зьяўляецца ключавым чыньнікам у плянаваньні і зьдзяйсьненьні расейскай агрэсіі супраць Украіны і Эўразьвязу. Той, хто валодае ўплывам у Беларусі (а калі дакладна – яе тэрыторыяй), той валодае лёсам бясьпекі ў Эўропе (азначэньне П. Усава).

Палітычная бюракратыя Эўразьвязу, не валодаючы стратэгічным думаньнем, здала Беларусь разам зь яе народам і разам зь яе антынацыянальным рэжымам на расправу пуцінскай Расеі і працягвае гэтую сваю «капітуляцыю» перад маскоўскім мордарам па сёньняшні дзень.


5. Для выпраўленьня становішча мусіў бы быць палітык на Захадзе, які б, валодаючы ўладай, воляй і магчымасьцямі, разумеў, што адбываецца і што трэба рабіць. Такі палітык зьявіўся. Гэта прэзыдэнт Амэрыкі Дональд Трамп. Уся складанасьць толькі ў тым, што пытаньне Беларусі, Украіны, Расеі і нават Эўропы ў цяперашняй амэрыканскай палітыцы стаіць не на першым і нават не на другім месцы. І для інтарэсаў Амэрыкі гэта ёсьць аб“ектыўная рэальнасьць. Але разуменьне сітуацыі ёсьць і дзеяньні адбываюцца.


6. Аб рэальнасьці. Усе праблемы, пытаньні і задачы, апісаныя вышэй, ужо ўзьнятыя, прамоўленыя і апісаныя аўтарам гэтых радкоў, пачынаючы з 2020 года, у дзясятках выступах на гэтую тэму, у артыкулах і нават у лістах ў Брусэль. Можна таксама паслухаць і пачытаць тое, што казалі і пісалі ў гэтым сэнсе супраць мяне ўсе так званыя «дэмсілы», якія цяпер сьпешна «пераабуваюцца».


7. Пра «дэмсілы». Гэта віленская група Франака-Ціханоўскай, Латушкі, гэта фікцыя нейкай «каардынацыйнай рады» са спадарынямі Кавальковай і Мельнікавай на чале (першую лукашысты віртуальна купілі за 500 тысячаў даляраў, апошняя зьнікла з грантавымі грашыма ў невядомым накірунку). І яшчэ ёсьць так званы «пераходны кабінэт», і іншыя «назовы», напічканыя мянтоўскай, лукашысцкай і маскоўскай агентурай.

Гнасеалогія (родавае паходжаньне) гэтай публікі ідзе яшчэ з 2016-2020-х гадоў, калі пад кіраўніцтвам ФСБ праз Белгазпрамбанк была падрыхтаваная прарасейская «апазыцыя» для замены Лукашэнкі праз выкарыстаньне выбараў прэзыдэнта і справакаваньне агрэсіўных пратэстаў. Апэрацыя ў цэлым правалілася, але вайграла Расея і пакінула пасьля сябе новую, падрыхтаваную ФСБ, прарускую «апазыцыю». Узьніклі зь ніадкуль увогуле нікому не вядомыя людзі з па-за-палітыкі і пачалі па-руску прамаўляць пра «мудрасьць Пуціна», злучэньне Беларусі з Расеяй, пра «невероятных белорусов» і т. п. Частку гэтай публікі Лукашэнка пасадзіў за краты, а частку (па дамоўленасьці КГБ з ФСБ і з агентурай у Летуве) вывезьлі ў Вільню, дзе ім прадставілі месца і ўтрыманьне. У Вільні яны працягвалі хваліць Пуціна і Расею, казаць пра новыя выбары ў Беларусі і т. п.

Рыторыку перамянілі ў лютым 2022 г. пасьля ўводу расейскіх войскаў у Беларусь і нападу Расеі на Украіну. Тады спынілася пахвальба Расеі і Пуціна і ўся аблічальная квазі-дэмакратычная дэмагогія была ськіравана на дыктатара Лукашэнку, на падтрымку эканамічных санкцыяў супраць беларускага народа, на блакіроўку беларускай эканомікі, транспарту і г. д.

Цяпер, калі наша беларуская нацыянальная пазыцыя аб неабходнасьці перамоваў Захаду з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі і адцягненьня яго ад Расеі, аб адмене эканамічных санкцыяў і вызваленьні палітвязьняў пачала даваць парасткі надзеі, то гэтыя «дэмсілы» тут жа зноў пачалі зьмяняць рыторыку, асабліва пасьля таго, як Лукашэнка перад візытам Кіта Кэлага ў чэрвені бягучага году ў Менск вызваліў некалькі прарасейскіх і некалькі замежных палітвязьняў (усіх 14).

Шкоднасьць для беларускай справы гэтых прота-расейскіх «дэмсілаў» цяпер адносная, але ў пэрспэктыве яна можа стаць абсалютнай. Цяпер яны прамаўляюць прыхільнасьць да беларусаў, аднак адначасна падтрымліваюць антыбеларускія эканамічныя санкцыі. Пры некарысных ці пры нявызначаных пераменах у Беларусі і пры магчымым выкарыстаньні Захадам названых прота-рускіх «дэмсіл» у палітыцы, гэтае «прота» будзе рэанімавана і выльецца зноў у прарасейскую рыторыку (і дзеяньні). Ад прыроды нікуды ня дзенешся.

Адмаўленьне ад заганных поглядаў магчыма на індывідуальным узроўні. Аднак пакуль будзе існаваць і пакуль ня будзе адкінута гэтая прота-расейская «пачка» са зьнешнім фінансаваньнем, датуль будзе існаваць і дзейнічаць яе скрытая і адкрытая прарасейшчына.


8. Пра вызваленьне палітвязьняў. Нагадаю, што эканамічныя санкцыі не стварылі чаканага «ціску» на Лукашэнку (як думаюць прафаны), бо рэжым пайшоў пад Расею, разам са сваім гандлем і эканомікай. Дрэнна стала толькі беларускаму народу. У выніку рэальны ціск на Лукашэнку існуе толькі з боку пуцінскай Расеі, пад якую ён трапіў у дабраахвотнае рабства. Таму вызваленьне палітвязьняў – гэта не ад эканамічнага «ціску» Захаду. Гэта палітычная ініцыятыва Лукашэнкі, які хоча мець стасункі з Захадам, каб павялічыць сабе поле манэўру, свабоднае ад дыктату пуцінскага рэжыму.

У гэтай сітуацыі (і ва ўсіх папярэдніх) зьвяртае на сябе ўвагу факт, што рэжымная ўлада вызваляе не прызнаных беларускіх палітыкаў, але толькі расейскіх і прарасейскіх людзей, каляпалітычных беларусаў і замежных асоб. Беларускіх нацыянальных палітыкаў і беларускіх патрыётаў ня вызвалілі ніводнага. Так было і на гэты раз перад візытам Кэлага. Магчыма, і тут над Лукашэнкам вісіць ФСБ, якая зацікаўлена, каб першым чынам выпусьцілі іхных маскоўскіх крэатур і ворагаў Беларусі.

Калі б тое было ня так, то ў першую чаргу (для патрэбнага ўражаньня, якое б ацанілі) Лукашэнка мог бы выпусьціць, напрыклад, знакамітых беларускіх журналістаў і выдаўцоў Дзяніса Івашына і Паўла Мажэйку, ды вядомага патрыёта і пісьменьніка Паўла Севярынца.

Выпусканьне прарасейшчыны наводзіць на пытаньні. (Адна такая выпушчаная асоба ўвогуле сказала, што лепш, каб ёй далі магчымасьць дасядзець тэрмін да канца і застацца ў Беларусі, чым апынуцца за мяжой.)

Далейшыя стасункі амэрыканскіх палітыкаў ня толькі з рэжымам, але і зь беларускімі патрыётамі (а я спадзяюся, яны будуць разьвівацца) высьвятляць сітуацыю і ў гэтым становішчы.


22 чэрвень 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК



 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page