top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДБАЮЧЫ ПРА СЬВЕТЛЫ ЧАС

(Рэпліка пра спэктакль)

-------------------------------------------

Частка актораў-купалаўцаў, якія згуртаваліся пасьля лукашысцкага пагрому народа і пасьля эміграцыі трупы Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, паказалі ў Варшаве спэктакль "Плошча Перамогі". (Рэжысёр Аляксандар Гарцуеў, ён жа аўтар сцэнара паводле твораў Альгерда Бахарэвіча.)

Спэктакль добры. Пастаўлены ў стылі Брэхта, які некалі любіў і спрабаваў прышчапіць купалаўскаму тэатру Валеры Раеўскі ("Што той салдат, што гэты..." і інш.). Нічага асаблівага з таго не атрымалася, бо сухая рацыянальная схематыка роляў і прыдуманасьць праблем брэхтаўскіх п'ес былі нецікавыя клясычнаму і жывому тэатру вобразаў беларускай сцэнічнай школы (далёкія і чужыя).

І тым ня менш спэктаклі атрымліваліся, дзякуючы найперш акторам, якія ўмелі рабіць з драматургічных хадуляў жывыя сцэнічныя пэрсанажы. Так і ў "Плошчы Перамогі". Ёсьць шмат сцэнаў, скампанаваных рэжысёрам і сыграных акторамі проста выдатна (сцэны з Рэгентам, з Амбасадарам імпэрыі, з "прэтарыянскай" змовай і інш.).

Дзякуй Богу, купалаўцы ёсьць. Важна захаваць беларускае, сваё і адрадзіць лепшае, каб не сагнуцца пад цяжарам эміграцыйнага жыцьця ды не сапсавацца часам сярод сцэнічнага маразму, "які блукае па Эўропе" (як той "прывід камунізму").

Нацыянальнаму тэатру патрэбны нацыянальны глядач. Без свайго беларускага гледача тэатр задыхнецца. У Польшчы, найперш у Варшаве, беларусаў крыху ёсьць, каб падтрымаць свой выдатны тэатр. Вельмі важна захаваць сваё творчае беларускае аблічча, сваю акторскую школу, свой ўзровень і разумець, дзеля чаго.

А дзеля таго, каб у сьветлы час, які настане, вярнуцца ў Беларусь, у сьцены роднага тэатра ў цэнтры Менска і моцна адрадзіць наш Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, які зноў зайграе, загучыць на ўвесь голас. І гэта стане найвялікшым сьвятам аднаўленьня беларускай культуры пасьля столькіх гадоў ліхалецьця.


14 жнівень 2023 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page