Цяпер рэжымны афіцыёз, дэм-агентура, "экспэрты" ўсіх масьцяў (якія тады яшчэ нават не нарадзіліся) "аналізуюць " фатальныя выбары 1994 года.
Калі абстрагавацца ад прапагандыстаў і агентуры, то складваецца ўражаньне, што гэтае пакаленьне мала (альбо нічога) не зразумела з таго што тады адбылося.
Выбары былі дрэнныя. Яны прынізілі, асьмяшылі беларусаў перад усім сьветам, які гатовы баў успрымаць нас сур'ёзна.
Дрэнны вынік вабараў 1994 года быў забясьпечаны моцным ўплывам Расеі і яе ФСБ на старую камуністычную ўладу і на саветызаваны электарат Беларусі праз існуючую тады абсалютную сістэму гэбізаванага кіраўніцтва і залежнай інфармацыі, якая цалкам заставалася ў руках камуністычнай намэнклятуры. Плюс фальсіфікацыя галасоў супраць асноўнага апанэнта Масквы (З. Пазьняк, БНФ).
Мэтодыка Масквы на выбарах абапіралася адначасна на двух агентаў -- на Лукашэнку ("Валет") і на штатнага афіцэра КГБ -- прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча (агентурная клічка невядамая). Задача тандэма -- не дапусьціць да ўлады кіраўніка БНФ Пазьняка. (Пра што пазьней Кебіч публічна засьведчыў).
Пры ўсім напоры гэты план даў збой: у 2-гі тур прайшоў Пазьняк і Лукашэнка. Гэта абазначала б паразу Лукашэнкі ў 2-м туры (ён ня меў праграмы, ценявога ўраду і траціў галоўны папулісцкі козыр -- "антыкебіч").
Таму ўладамі была ўжытая фальсіфікацыя (зафіксаваная намі). Былі забраныя галасы ад Пазьняка, які рэальна набраў больш за 22% (пакінулі 12%) і далучаны да галасоў за Кебіча (забясьпечыўшы яму 2-е месца), які рэальна ішоў чацьвертым (пасьля Шушкевіча).
Фальсіфікацыя была зафіксавана шмат дзе, прытым некаторыя назіральнікі БНФ не разумелі мэтадаў, як яна дасягаецца. Захавалася, напрыклад, раскладка галасоў (у маім архіве) па ўсіх участках горада Менска. Амаль паўсюдна (прытым адлюстравана ў падліках і пратаколах) на першым месцы быў Пазьняк. Але потым, калі былі аб'яўленыя вынікі выбараў, -- аказалася, што на першым месцы па Менску Лукашэнка і Кебіч. Нашыя назіральнікі тады яшчэ не сутыкаліся з практыкай улады, калі пратаколы галасаваньня проста перапісваліся ў адміністрацыі.
У 2000 годзе ў Вільні я меў спатканьне з двумя настаўніцамі зь Мядзела, якія былі тады ў выбарчых камісіях. Яны шчыра расказалі мне як адбывалася фальсіфікацыя ў Мядзелі і як яны самы ў ёй удзельнічалі (клалі бюлетэні ня ў тыя стосы, перапісвалі пратаколы). І ўсюды важна было (адна задача) не пусьціць Пазьняка.
Пазьней прапаганда ўзмоцнена паўтарала, што ў 1994 годзе адбыліся дэмакратычныя выбары. Гэта, аднак, былі гнюсна сфальшаваныя выбары па адной пазыцыі, пра што потым (у сваім жыцьцяпісе) у якасьці афёрнага пераможцы цынічна прызнаўся Кебіч.
РЭЗЮМЭ: Вабары 1994 года былі самымі ганебнымі ў гісторыі Беларусі. Гэта былі выбары, якія на два пакаленьні вызначылі духоўную стагнацыю грамадзтва, страту гонару, русіфікацыю, залежнасьць ад Масквы і адмаўленьне ад свабоды. Гэта было сьведчаньне, калі нацыя, здабыўшы незалежнасьць, і маючы кандыдата незалежнасьці, свабоды, нацыянальнай пэрспэктывы і дэмакратыі, -- прагаласавала за рэнегата, беларусафоба, ненавісьніка незалежнасьці, шарлатана і псіхапата. (І, увага, некаторыя не зразумелі паразы нацыі ў 1994 годзе да сёньняшняга дня.)
10 ліпень 2024 год. З павагай Зянон Пазьняк