top of page

Пра зьбяднеласьць ідэй беларускай палітыкі

  • knihivolnajabel
  • 5 hours ago
  • 3 min read


Намагаюся зразумець, што ў ідэйным плане адбываецца зь людзьмі, якія ўвайшлі ў палітычнае жыцьцё ў 2020 годзе, чаму так хутка ўзносяцца, і яшчэ хутчэй зьнікаюць са сцэны? Часам яны сыходзяць з гучнымі скандаламі, часам ў мёртвай цішыні, і яны нічога пасьля сябе не пакідаюць (акрамя кароткіх відые ў ю-тубе).


Як мне падаецца, прычына ў тым, што беларуская палітычная дзейнасьць становіцца не вынікам глыбокага мысьленьня і ідэйнага выбару - а выключна сітуатыўнага, выпадковага з’яўленьня.


Яна, палітыка, успрымаецца як гульня, зараз цікава - пагуляюся, пакатаюся па сьвеце, заўтра не цікава, то пайшло яно усе.


Палітыка як перфоманс. Тэхналогіі ХХІ веку прывялі да таго, што палітыка перастала быць складанай, прафісіянальнай і адказнай працай. Палітыка перастала грунтавацца на нейкай філасофіі, сістэме каштоўнасьцяў, ідэалогіях, канцэпцыях развіцьця.


Зараз кожны чалавек легка можа-стаць сьпецыялістам-блогерам, а пасьля чаго актывістам-палітыкам, без разуменьня анатоміі дзяржаўнага арганізму.

Палітычная дзейнасьць зьвялася не да фарміраваньня нейкіх поглядаў, ідэй, разуменьня тако ў які бок павінна рухацца нацыя, краіна, дзяржава.


З інфармацыйнага абшару цалкам зьнікла палітычная, ідэалагічная дыскусія. Большасьці з тых, хто зараз у беларускай палітыцы, не маюць і не ведаюць пра што дыскутаваць. Дзейнасьць зьвялася да стварэньня папулярных shortsau, у ціктоках, ці ютубах.


Нават, як прыклад, калі возьмем Каардынацыйную Раду, гэта ж у сукупнасьці, абсалютна безідэйная, безсістэмная (у плане сьветапогляду) структура. "Палітыкі", групы, якія там сабраліся нічым ідэалагічна не адрозьніваюцца адна ад аной. Яны фарміраваліся па прынцыпу "каго ўдасца знайсьці", іншымі словамі, адцені шэрага.

Вазьміце каго заўгодна з "палітыкаў" у радзе, ці з іншых новаствораных структур, і вы не зможаце сказаць, хто гэты палітык па сваёй сутнасьці: ліберал, сацыяліст, кансерватар, новаліберал, нацыяналіст, дзяржаўнік. Няма аніякай ідэалагічнай асновы і грунтоўнага палітычнага сьветапогляду, больш таго, нічога з гэтага не фарміруецца.


Адзіная розьніца толькі ў блізасьці ці аддаленасьці да Ціханоўскай.


І, атрымоўваецца, што агульны погляд "палітыкаў", якія прадстаўляюць сеньняшні сфарміраваны слой" зводзіцца да аднаго "за ўсе добрае, супраць усяго кепскага", "вярнуцца да дому", "мы палітыкі па-няволі" (найгоршы варыянт, не хачу, але трэба), "галоўнае правесьці выбары" і гэтак далей.


Разумею, што такія думкі былі б актуальныя першыя 2 гады пасьля 2020, але прайшло 5 год, а ўзровень палітычнага мысьленьня застаўся нязьменным.


З аднаго боку, гэта вынік агульнасусьветнай універсалізацыі ідэй і поглядаў, кансумпцыі, калі якасьць не мае значэньня.


Можна нават наўпрост казаць пра сьмерць ідэалогіі і ідэі як такой. Тое, што я пісаў раней, сеньня ніводная ідэалогія, не можа запрапанаваць нечага новага у пытаньні паляпшэньня матэрыяльнага жыцьця. Але з іншага, гэта прыводзіць да зьніжэньня інтэлектуальнага, палітычна-прафесійнага ўзроўню беларускіх палітычных колаў. Ізноў, з прычыны таго, што масы патрабуюць спрошчанага перфоманасу і засяроджвацца на сутнасьцю не мае сэнсу.


Палітычная думка не павінна перакрочваць ўзроўню "чык-чырык", інакш гэта складана, нецікава і незразумела масам.


Як вынік, палітычнае мысьленьне, спроба асэнсаваньня нейкіх ідэй стала сьферай дзейнасьці вузкай групы аналітыкаў.


Калі да 2020 году яшчэ былі нейкага кшталту ідэалагічна-палітычныя дысуксія, менавіта з боку палітычных дзеячоў, палітыкі намагаліся пісаць тэксты, шукаць менавіта ідэйных прыхільнікаў, то зараз нічога такога няма.


Палітыка перастала быць нейкай жыцьцевай філасофіяй, ўнутранай пазіцыяй, выражэньнем сьветапогляду, ідэйнага пошуку. Канешне, не для ўсіх, але на жаль, для большасьці.


Адсюль і вынік - выпадковасьць і негрунтоўнасьць у дзеяньнях у поглядах і ў жыцьцевым выбары новага палітычнага пакаленьня.


Фактычна, на сеньняшні дзень засталася толькі адна палітычная група "Вольная Беларусь", якая мае структураваную, ясную палітычную платформу, якая намагаецца разьвіваць ідэі і палітычную філасофію, што знаходзіць выражэньне ў палітычных (дыскусійных) тэкстах, праграмах.


Іншых беларускіх палітычных груп са сваёй ўласнай суцэльнай філасофіяй і палітычнымі маніфестамі - няма.


З тых, новых людзей, якія заняліся палітыкай, і выкладаюць свае думкі ў тэкставым выглядзе я, пакуль, магу назваць толькі Кныровіча.


Калі чалавек думае, аналізуе, ен піша. Толькі праз тэксты выражаецца палітычнае мысьленьне і філасофія. І толькі чытаючы тэкст можна асэнсаваць і зразумець пазіцыю палітыка, сфарміраваць уласную пазіцыю, ці думку. (Відэа скіравана на фарміраваньні рэакцый, а не думак).


У выніку, нават калі наступяць перамены, беларускае грамадства ізноў апынецца ў ідэалагічным вакууме і будзе кіравацца не нейкай сістэмай каштоўнасьцяў, а пэрфомансам (аля віртальным Ясем), не пазіцыяй лідэраў думак, а лідэрамі ў "цік току".


Адбылася таксама даволі трагічная трансфармацыя і інфармацыйнага сэктару, зьніклі цалкам тыя медыя, старонкі, якія б друкавалі і ініцыявалі палітычныя дыскусіі. Яны зьніклі.


Калі да 2020 былі Белпартызан, Навіны.бай, Свабода, то зараз няма дзе апублікаваць тэкст для шырокай публікі, а значыцца, няма прасторы для дыскусіі, акрамя ўласных старонак. А гэта ў сваю чаргу, не фарміруе ні палітычнага мысьленьня, і не ўзбагачае палітычнай культуры і філасофіі.


Павел Усаў



 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page