top of page

"За туманам нічога ня відна, Толькі відна дуба зелянога"...

"За туманам нічога ня відна,

Толькі відна дуба зелянога"...

--------------------------------------------

(Рэцэнзія на спэктакль)


Беларускі тэатр у вельмі цяжкіх умовах эміграцыі на выпадковых, не прыстасаваных пляцоўках паказвае высокі творчы ўзровень. Прытым узьнікае ён сярод сьвету, у якога ўжо няма прыцягненьня ні для тэатра, ні для літаратуры, ні для Духа, ні для вялікіх ідэй. У нас, беларусаў, яно яшчэ ёсьць.

Спэктакаль "Замова" (рэжысёр Максім Шышко) пастаўлены ў Варшаве невялікай гомельскай трупай у неазначаным аўтарам жанры як "музычны праект". На справе тут тыповая зьява сімвалічнага тэатра, які прабіваўся ў сьвет як творчая канцэпцыя і стыль у першай трэці 20-га стагоддзя.

У акупацыйных умовах у Беларусі тэатральны сімвалізм найбольш адзначыўся ў драматургіі Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Якуба Коласа, але ў тых умовах ён ня быў рэалізаваны на сцэне.

Калі задумацца над тым пэрыядам, то гэта быў час, калі народ стаяў перад вырашэньнем свайго лёсу, але зьмест і сэнс гэтага вырашэньня быў народу неасягальны альбо невядомы. І тады ў творчасьці зьяўляліся абагуленыя вобразы як сімвалы існаваньня.

Спэктакаль "Замова" ня мае драматургіі (тэкстам прамаўляецца ўсяго некалькі ключовых слоў). Гучаць толькі аўтэнтычныя народныя сьпевы і фонавая музыка ў зьменлівай мізансцэне зь мінімумам атрыбутаў, якія адлюстроўваюць сімволіку зьяў (галава татэма, сьвечкі, белае газавае палатно, люмінісцэнтныя колцы).

Гэта рэжысёрскі спэктакаль, дзе шляхам стварэньня відовішча, згарманізаванага з гукам і сьпевамі дасягнуты надзвычайны эфект -- выяўлена містыка дзеяньня -- містычны зьмест і сэнс беларускіх песьняў як адбітак абагуленага чалавечага лёсу народа. Выяўлена гэта вобразна і моцна (у стылі сімвалічнага тэатру).

Нават глядач, не абазнаны ў прыёмах тэатра, успрыме яго да душы, бо ў спэктаклі дасягнута вельмі істотная якасьць мастацтва -- эстэтыка сьпеўнага і фармальнага паказу напоўнена пачуцьцём, якое ўплывае на гледачоў і ўспрымаецца імі.

На сцэне дзьве актрысы і актор цераз сьпяваньне і сімвалічны паказ містыкі сьпеваў па-мастацку адлюстравалі лёс непарыўнага чалавека, дух людзей, якія склалі і сьпяваюць гэтыя песьні, лёс жыцьця ад нараджэньня да сьмерці.

Гэта добры сэнсоўны музычны спэктакаль на падрыхтаванага гледача. Трэба адзначыць выдатнае выкананьне песьняў Дар'яй Новік і Марыляй Пятровіч -- артыстычна ў аўтэнтычным народным стылі. Сэнсавую ролю сучаснага (непарыўнага) беларуса выконваў Андрэй Новік.

Тэатральны калектыў з Гомеля невялікі (шэсьць асобаў). Але трэба ўлічыць, што драматургіі малых формаў у беларускай літаратуры ёсьць дастаткова. Некаторыя творы яшчэ ніхто ня ставіў.


9 жніўня 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Comentarios


Anchor 1
bottom of page