АБ ДЭАКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ
Сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца ў сувязі з рашэньнем Расеі ўвесьці ў Беларусь сваю ядзерную зброю. Гэта можа выклікаць катастрафічныя наступствы для Беларускага народа, для народаў-суседзяў і для ўсёй Эўропы.
Улічваючы ўзрастаньне небясьпекі для Беларусі і для Эўропы, мы сцьвярджаем, што першачарговай задачай урадаў краінаў Эўропы і краінаў Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў ёсьць неабходнасьць засьведчыць рэальнасьць акупацыі і вайны, прызнаць Рэспубліку Беларусь акупаванай дзяржавай войскамі Расейскай Федэрацыі, патрабаваць дэакупацыі краіны і вываду расейскіх акупацыйных войскаў зь Беларусі.
ПРА ЗБРОЙНУЮ СІЛУ
Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" пацьвярджае ўсебаковую падтрымку дзеяньням і барацьбе палка Каліноўскага і ўсім беларускім збройным фармаваньням, якія змагаюцца супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
У змаганьні з расейскім ворагам і ва ўмацаваньні гэтых беларускіх збройных фармаваньняў ва Украіне існуе зарука беларускай перамогі над тэрарыстычнымі рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі.
ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
Усеагульнай задачай усіх сяброў Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" ёсьць асьвета і папулярызацыя роднай Беларускай мовы, якую нішчыць антыбеларускі акупацыйны рэжым Лукашэнкі.
Беларуская мова ёсьць наша найвялікшая нацыянальная культурная каштоўнасьць, зь якой усе беларусы з вымушанай эміграцыі вернуцца ў Бацькаўшчыну, каб будаваць вольную дэмакратычную Беларусь.
24 чэрвень 2023 г.
Рух "Вольная Беларусь"
Comments