top of page

СЛУЖБА СТУКАЧОЎ

(зацемка)


Пасьля гэбоўскіх пэрформэнсаў з Кавальковй і Аксёнавым тэма агентуры стала раптам актуальнай. Інтэрнэт ужо навучыў разумных людзей збольшага разьбірацца ў агентурнай псэўдаінфармацыі і навінах. Гэта мае значэньне, бо зьмяншае ўплыў варожых атак у гібрыднай вайне. Пра антыбеларускія мэтады прапаганды я пісаў ня раз, бо тое трэба ведаць.

Ахайваючы беларусаў, агентурныя прапагандысты найчасьцей ужываюць мэтады так званага "гнілога селядца" (татальная ілжа і абгавор) ды "ураўненьня", у сярэдняй прапорцыі 6х4 (60 адсоткаў добрага і 40 -- дрэннага; ці наадварот). Таксама любяць "бутафорыю". Калі чытаеш "бутафора", то разумееш, што праціўнік устрывожаны. Яму трэба любым спосабам заглушыць небясьпечную для яго інфармацыю альбо ідэю.

Нядаўна я напісаў артыкул, важны з гледзішча ацэнкі культурнага разьвіцьця грамадзтва. Называецца гэтая праца -- "Разбурэньне гісторыі". Я разумею, якая небясьпека навісае над культурай у сувязі з дамінаваньнем віртуальных мэтадаў інфармацыі і залежнасьці ад прылады. Бачу, што ёсьць магчымасьць часткова пазьбегнуць гэтай небясьпекі.

Артыкул быў зьмешчаны пакуль што толькі ў Сеціве. І адразу ж зьявілася "бутафорыя". Гэта значыць, што напачатку агент нібы та пераказвае зьмест працы аўтара. Але на справе ён усё перакручвае, прыдумвае інвалідныя палажэньні і потым сам гэтыя свае палажэньні крытыкуе нібыта аўтарскую пазыцыю апанента, разьбівае яе, паказваючы яе памылковасьць, абсурднасьць і неразумнасьць.

Гэты агентурны прыём даволі распаўсюджаны і, як правіла, уплывае на частку людзей. Бо звычайна мала хто зьвяртаецца да арыгіналу, каб у нечым пераканацца.

Такім прыёмам часта карысталася савецкая журналістыка (асабліва, калі ахайвалі нешта замежнае). Аднак на справе тут праява тыповай расейшчыны ў форме савецкасьці.

Парада тут можа быць толькі адна -- прачытаць арыгінальны тэкст. Гэтага дастаткова, каб "бутафорыя" рассыпалася. Аднак (паўтаруся ізноў) мала каму хапае імпэту і проста часу, каб тое рабіць.

22 лістапад 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Comments


Anchor 1
bottom of page