top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: 2. ПРА СУРАГАТНУЮ ПАЛІТЫКУ І АБ ХАРАКТАРЫ ІСНАВАНЬНЯ ГРУПОЎКІ

Некаторыя назіральнікі, што выступаюць у ролі дасьведчаных людзей, сцьвярджаюць, што вярбоўка Сьвятланы Ціханоўскай адбылася 11-га жніўня 2020 года ў будынку Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў Менску. Разгляд падзеяў падказвае, аднак, што тое адбылося раней.

Але пытаньне залежнасьці асобы мае тут меншае значэньне. У гэтай тэме важнай ёсьць роля, якую пагадзілася выконваць Сьвятлана Ціханоўская.

У заходняй палітыцы ёсьць стандартныя падыходы. У змаганьні з антыдэмакратычным рэжымам іншай дзяржавы Захад ня можа выстаўляць патрабаваньні і змагацца з чужой дыктатурай наўпрост, без апоры на нейкія альтэрнатыўныя палітычныя сілы той дыктатарскай краіны.

Альтэрнатыву Захад выбірае сам, а калі яе не існуе, то стварае яе, часам зьнішчаючы па ходу іншую альтэрнатыву, якая не адпавядае заходнім інтарэсам (прыклад, у Беларусі -- раскол і разбурэньне БНФ).

Прыклады можна множыць. У пачатку 2000-х, напрыклад, -- стварэньне немцамі ў Беларусі і фінансаваньне Захадам падстаўной лаяльнай да Масквы апазыцыі і стаўка на Мілінкевіча. Пасьля банкроцтва палітычнай імітацыі Мілінкевіча была стаўка на псэўдаапазыцыю "ГовПравду", на Някляева, Дзімітрыева, Караткевіч і тп.

Пасьля 2020 года ў лявацкім Эўразьвязе прыдумалі легенду ды паставілі на групоўку, што вакол Сьвятланы Ціханоўскай і асабіста на Ціханоўскую, называючы яе "лідарам" апазыцыі.

Тое, што жанчына з бытавога жыцьця, якая ніколі не была ў палітыцы, ня ведала і ня мела ніякіх ідэй, не разумела значэньня слоў, не ўяўляла, пра што казаць людзям -- тое тады нікога асабліва не бянтэжыла, бо Лукашэнку беларусы больш трываць не маглі -- толькі ня Лукашэнка.

Стварылася парадаксальнае становішча, якое падхапіла і агентура, і Захад. Цераз Ціханоўскую (выкарыстоўваючы яе імя і асобу) можна было пастаянна імітаваць ціск на рэжым Лукашэнкі і ствараць бачнасьць салідарнай пастаяннай дэмакратычнай палітыкі.

Тут (паўтаруся) стандартнае палажэньне. У выпадку краху лукашысцкага рэжыму Эразьвяз спадзяваўся б мякка ўехаць ў дзяржаўную беларускую палітыку і кантраляваць свае інтарэсы праз уплыў на "групоўку". На тое ж (трымаючы залежнасьць асобы) спадзявалася б і Масква

Эўразьвяз выкарыстаў Ціханоўскую таксама з прычыны яе мэдыйнай раскручанасьці, і (што немалаважна для лявацкай Эўропы) таму што Ціханоўская і група вакол Ціханоўскай была маскоўскім праектам, арыентаваліся на Пуціна і на Расею. Гэта не пярэчыла палітыцы Меркель, Макрона і іхншых эўрасатэлітаў. Нацыянальна-вызвольныя палітыкі тым часам сядзелі ў турме, альбо былі выгнаныя за мяжу, беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух быў разбураны.


Выдзелены каласальныя сродкі на ўтрыманьне групоўкі -- 65 мільёнаў эўра на год, -- хоць, па-праўдзе, для бюджэта Эўразьвязу гэта мізэр, тым больш, што асноўны артыкул расходаў тут быў так званы "палітычны турызм", значыцца, рэгулярныя візіты і спатыканьні Ціханоўскай зь ВІП-пэрсонамі заходніх краінаў, пацісканьне рук, гаварэньне агульных фраз, абмеркаваньне праблем, фатаграфаваньне і нуль (поўнае "зэро") рэальных палітычных вынікаў.

Пэрсанальныя спатканьні (тым больш з нулём) палітычных вынікаў, як правіла, не даюць. Тым ня менш гульня ВІП-пэрсонаў у Ціханоўскую працягваецца, хоць яны ж (ВІП-пэрсоны) Беларусь і здалі. Тут у Эўразьвяза, як звычайна, стандарты падвойныя.

Інакш быць не магло, бо ў палітычным сэнсе групоўка рэальна нічога сур'ёзнага не ўяўляе. Яна не валодае беларускай нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіяй і ня мае яе, ня мае структураў у грамадзтве, ня мае палітычнай вагі, існуе без арганізацыйнай падтрымкі беларусаў, без палітычнага капіталу (які начыста адсутнічае, бо нічога рэальна ня зроблена для Беларусі), без палітычнага вопыту, знаходзіцца на ўтрыманьні Эўразьвязу і г. д.

Медыйнае словаблудзтва, якое ў абмежаваным сектары "дэмсмі" падтрымлівае існаваньне групоўкі, ня сьведчыць пра рэальнасьць яе палітычнага значэньня. Рэальнасьць мае полк Каліноўскага. Невыпадкова агентурная шваль так імкнецца пралезьці ды пасварыць ваяроў за свабоду.


Імітацыя "апазыцыі" прадугледжвае імітацыю палітыкі. Тут усё на збочаным месцы. Аб шкоднасьці такой палітыкі групоўкі і аб патэнцыйнай небясьпецы для будучыні Беларусі я пісаў у папярэднім артыкуле.

Некаторыя абаронцы палітычнага вертэпу групнікаў кажуць, што Ціханоўская робіць вялікую справу -- не дае зьнікнуць беларускай тэматыцы ў маргінэс, ваяжыруе па заходніх краінах, прыцягвае увагу міжнароднай супольнасьці да праблемаў Беларусі, сцьвярджае, што існуе такая краіна і інш.

Доля праўды тут ёсьць, толькі пытаньні, якія яна там паведамляе, цалкам адпавядаюць меркаваньням і практычным інтарэсам палітыкі Эўразьвязу (узмацненьне санкцый супраць Беларускага народа, супраць канкрэтных беларускіх прадпрыемстваў і т. п.).

А наконт прапаганды вобразу Беларусі групнікамі ўспамінаецца мне выпадак, амаль анекдот, які ўзьнік ў Вашынгтоне. Таксіст спытаў у мяне адкуль я, зь якой краіны. Слова "Беларусь" яму нічога не праясьніла, ніколі ня чуў. Тады я кажу: "Лукашэнка". "О, е! О, е! -- ажывіўся таксіст, -- дыктэйтор".

"Сукін сын" быў для таксіста маркай Беларусі, папулярным прапагандыстам невядомай краіны.


І цяпер пытаньне па сутнасьці: як пазбавіцца ад шкоднай імітацыі, ад сурагату ў нацыянальнай палітыцы.

Сурагатная апазыцыйная псэўдапалітыка ў Беларусі была прыдумана Захадам сумесна з рэжымам Лукашэнкі і пры ўдзеле Масквы яшчэ ў пачатку тысячагоддзя. Галоўныя яе рысы -- каланіяльнае суіснаваньне з імпэрскай Расеяй, дэмакратычная фразеалогія і непрыхільнасьць (часьцей варожасьць) да Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Адраджэньня.

У пытаньні пазбаўленьня ад сурагатнай псэўда-нацыянальнай палітыкі ёсьць толькі адзін шлях (паўтаруся -- толькі адзін) -- адрадзіць і ўзмацніць Беларускі Нацыянальна-дэмакратычны Рух за свабоду, незалежнасьць і нацыянальную будучыню Беларускай нацыі.

Беларускі Нацыянальна-Дэмакратычны Рух (як некалі Народны Фронт) мусіў бы стаць галоўнай палітычнай сілай змагарнай Беларусі. Тады псэўда-нацыянальная палітыка сурагатных фігурантаў пасыпецца як ссохлае лісьце з асеньніх дрэў і ніякія халяўныя "эўры" не дапамогуць.

Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" ужо відаць на гарызонце. Беларусам ня трэба марудзіць, але хутчэй рабіцца часткай і зьместам гэтага Руху, які йдзе па вольную Бацькаўшчыну. Таксама трэба ўступаць у шэрагі ваяроў-каліноўцаў, каб разам з украінцамі зваяваць злачыннага расейскага мордара, дасягнуць гарантаванай волі і здабыць народнае шчасьце.


4 сьнежань 2022 г. Зянон Пазьняк


コメント


Anchor 1
bottom of page