top of page

ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ ПРА ВАЛЬНЫ СОЙМ

У суботу, 24-га чэрвеня, у Варшаве (акурат на 34-я ўгодкі Устаноўчага Зьезду БНФ) адбыўся нечарговы Вальны Сойм Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь". Прысутнічалі сябры зь Нямеччыны, Летувы і Польшчы. Адбыўся абмен думкамі, прачытаны даклады па актуальных пытаньнях палітыкі, культуры і арганізацыі Руху. Заслуханыя справаздачы Каардынуючай Управы Руху аб зробленай працы за 8 месяцаў (В. Каралькоў) і нечарговая справаздача Фонду "Вольная Беларусь" аб набыцьці і расходваньні фінансавых сродкаў (А. Паўловіч). Зробленыя, падрыхтаваныя і прынятыя ўдакладненьні ў Статут Руху і зацьверджаныя два статутныя дакуманты (гэта значыць -- абавязковыя для ўдзельнікаў Руху) -- "ДЭКЛЯРАЦЫЯ АБ ДЗЕЯНЬНЯХ" Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь» і ПАЛАЖЭНЬНЕ аб Беларускім Нацыянальным Сакратарыяце (БНС) Руху "Вольная Беларусь".

Сойм стварыў і зацьвердзіў Секцыю па асьвеце і культуры і Кантрольную камісію Руху. Уведзена яшчэ адна асоба (Міхась Бароўскі) у склад Каардынуючай Управы.

Вальны Сойм прыняў тры рэзалюцыі, у якіх засьведчыў пазыцыю Руху ("АБ ДЭАКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ", "ПРА ЗБРОЙНУЮ СІЛУ", "ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ").

Таксама, улічваючы абвастрэньне супярэчнасьцяў у стане расейскага агрэсара (закалат вайсковай групы Вагнэр), Сойм прыняў адмысловую заяву ("АБ ПЕРШАСНЫХ ДЗЕЯНЬНЯХ У ЧАС ЛІКВІДАЦЫІ АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ"), якая ў гэты ж дзень была зьмешчана ў Сеціве і агучана на канале Юцюб "Вольная Беларусь".

Вальны Сойм засьведчыў, што беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух мацнее і расьце, і што за кароткі час (8 месяцаў), практычна, на энтузіязме было зроблена шмат карыснай ідэйнай, палітычнай, культурнай і матэрыяльнай (дапамога палку Каліноўскага) працы.

Прынятыя дакуманты, вытрымкі з выступаў і справаздачы будуць зьмешчаны на рэсурсах Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь".


25 чэрвень 2023 г.

Іван Віктаровіч

Comments

Couldn’t Load Comments
It looks like there was a technical problem. Try reconnecting or refreshing the page.
Anchor 1
bottom of page