Паважаныя землякі, дарагія Беларусы. Віншую ўсіх нас з найвялікшым хрысьціянскім сьвятам Вялікадня -- Зьмёртвыхустаньнем Хрыстовым!
Зьмёртвыхустаньне засьведчыла, што Хрыстос Сын Чалавечы і Сын Божы ёсьць Бог.
Дьве тысячы гадоў таму адбылася найвялікшая падзея ў гісторыі людзтва. Хрыстос, прышоўшы на зямлю і навучаючы, і памершы пакутліва на Крыжы, зьмяніў сьвет. Людзі даведаліся і паверылі, што сэнс жыцьця ёсьць у вечнасьці, і што само жыцьцё ёсьць выпрабаваньне і гарт душы, і падрыхтоўка да вечнага існаваньня, жывучы па запаведзях і чынячы дабро.
Хрысьціянства стварыла новага чалавека -- чалавека духа і душэўнага ўсьведамленьня, чалавека з унутраным сьветам, дзе жыве Бог, калі чалавек верыць Яму.
Важна ня толькі як і што ты робіш, але і тое, што ты думаеш, і што адчуваеш. Дзеяньні, учынкі, жыцьцё цела і сьвет душы павінны быць у гармоніі веры і зьместу існаваньня. Падзеі мінаюць, цела дачаснае, а ўнутраны сьвет душы -- вечны. Трэба ствараць і берагчы вечнасьць у сабе.
Гэта так моцна, так глыбока. І галоўнае, што чалавек веры ніколі не адзінокі, бо ёсьць Бог. Бог вечны, справядлівы, спагадны. Бог суддзя.
Памятаю нашага слаўнага прыхільніка Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" пратэстанцкага пастара Эрнэста Сабілу. За веру ў Бога рускія бальшавікі прысудзілі яму, 19-гадоваму юнаку, расстрэл, які потым зьмянілі на 25 гадоў зьняволеньня. Эрнэст адпакутваў 13 гадоў і вярнуўся ў 1964 годзе, веручы і славячы Хрыста. Шчырасьць веры і Бог уратавалі яго, каб загартаваўся дух.
Няхай жа дух беларусаў не ўпадзе, але гартуецца ў цяжкім часе існаваньня маскоўскай цемры. Хай розум наш будзе хуткі, воля нязломнай, а рука моцнай, бо існуе толькі сьвятло, і цемра сканае пад сілай сьвятла!
Хай будзе Бог над нашай старонкай! Хай уваскрэсьне наш добры і вялікі Беларускі народ! Хай будучыня Беларусі будзе сьветлай, вольнай і вечнай!
Хрыстос уваскрос! Славім Яго! Ляўдэтур Езус Хрыстус!
Жыве Беларусь!
31 сакавік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК
Komentarze