top of page

АРХІЎНЫЯ СТАРОНКІ (1)

Пачатак 21-га стагоддзя быў злавесны і стартаваў з трывожнай падзеі: абсалютную ўладу ў Расеі пераняў КГБ (ФСБ). Стала зразумела, што наперадзе -- вайна, і магчыма -- сусьветная. Лёзунг "Расея -- гэта вайна" стаў для партыі (КХП -- БНФ) дамінуючым. У Расеі да ўлады прыйшла партыя вайны. Аднак гэтая, праўда, мала значыла для савецкага абывацеля.

У 2000 годзе намі было прынята рашэньне паспрабаваць склікаць Міжнародную канфэрэнцыю кіруючых асобаў краінаў Эўропы і Амэрыкі, каб абмеркаваць пытаньне пра магчымасьць агрэсіі і вялікай вайны з боку гэбісцкай Расеі.

Нашыя партыйныя дэлегацыі з гэтай прапановай паехалі ў Парыж, Прагу, Варшаву, Вільню, Рыгу, Таллін, Вашынгтон і інш. Я езьдзіў у Рыгу, Варшаву і Вашынгтон. Як ні цяжка, але ўсюды ўдалося знайсьці згоду і падтрымку. У ЗША нас актыўна падтрымаў Пол Гобл (вядомы амэрыканскі аналітык і палітычны дзеяч). Для правядзеньня канфэрэнцыі ён знайшоў ужо нават невялікія першапачатковыя грошы, памяшканьне і дамогся разуменьня ва ўладных колах. Але неўзабаве ўсё рэзка абрынулася. Пазьней я даведаўся, што адступленьне ад ідэі канфэрэнцыі пайшло з Амэрыкі. Заходні сьвет стаў на пазыцыю супрацоўніцтва з Расеяй. Зьявіліся артыкулы, што КГБ -- гэта тая сіла ў Расеі, якая можа прывесьці да дэмакратыі і што зь ёй варта супрацоўнічаць. Заходнія лідары (Тоні Блэр і інш.) адзін за адным паехалі ў Маскву павітацца з Пуціным, а прэзыдэнт ЗША Джорж Буш (малодшы) сказаў пры гэтым, што зазірнуў у вочы Пуціна і ўбачыў там "душу рускага народа". (Сьвятая праўда. У пуцінскіх вачах дохлай рыбы, відаць, сапраўды адлюстравана нутро рускага народа.) Але тады гэтакія выказваньні заходніх лідараў (кшталту Буша) сыгралі сваю ролю. Наша ідэя і праца па арганізацыі Міжнароднай канфэрэнцыі пра небясьпеку вайны і пагрозу з боку гэбісцкай Расеі спынілася.

Нягледзячы на тое, аднак, наша фронтаўская праца і палітычнае асьветніцтва аб небясьпецы расейскай агрэсіі супраць Беларусі і Украіны працягвалася ўвесь час. Але часта (на жаль) трэба, каб загаварыла сама гісторыя, праз злачынствы і праз вялікую кроў, каб людзі змаглі зразумець простыя ідэі і простую праўду. Так і сталася.

Ужо ў 2002 годзе Пуцін і расейскае КГБ-ФСБ паспрабавалі сходу анэксаваць Беларусь. Масква заявіла, што хоча далучыць Беларусь да Расеі "шасьцю губэрніямі".

Гэтае палітычнае нахабства выклікала тады буру, грамадзкі шторм. Абурылася ўся беларуская грамадзянская супольнасьць і беларуская эміграцыя. Пасыпаліся лісты, выступы і заявы.

Мы ў партыі (КХП-БНФ) аб'явілі пра рух "Вольная Беларусь" і аб стварэньні "Беларускага Камітэту Абароны", аб арганізацыі суполак БКА па ўсёй Беларусі. Справа пачалася. Мы рэальна рыхтаваліся да адпору акупацыі.

Лукашысцкі рэжым, хоць і прамаскоўскі, але ў гэтых абставінах не хацеў страціць уладу, бо ўлада яго трывала толькі тады, калі была незалежная Беларусь.

Словам, нецярплівая і дурная акупацыйная ініцыятыва яшчэ мала вопытнага на той час у агрэсіўнай палітыцы Пуціна правалілася. Правалілася, але не забылася. І ніхто з дэнацыяналізаваных не зрабіў тады высновы. Як, дарэчы, і цяпер.

Ніжэй зьмяшчаю копіі тытула і некалькіх старонак першага нумара бюлетэня "Вольная Беларусь", які наша партыя (КХП-БНФ) выдавала ў той час.


17 ліпень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК






Anchor 1
bottom of page