Дарагія землякі, дарагія беларусы. Віншую нас усіх з Днём Беларускай Волі. 106 гадоў таму, 25 Сакавіка 1918 года, была аб'яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Незалежнасьць БНР засьведчылі выбраныя народам беларускія палітычныя дзеячы, якія стварылі дзяржаўную ўладу і выканалі волю Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу 1917 года, што прадстаўляў усе сацыяльныя пласты насельніцтва Беларусі, партыі, арганізацыі і нацыянальныя групы.
25 Сакавіка 1918 года было засьведчана гістарычнае ажыцьцяўленьне Беларускай Нацыянальнай Ідэі, якая стала непераможнай. 73 гады наступнай савецка-маскоўскай акупацыі, нечуваны глум і зьдзек расейскіх бальшавікоў, рэпрэсіі і забойствы народа ня зьнішчылі ідэалаў беларускай нацыянальнай свабоды. 25 Жніўня 1991 года яны былі адроджаны Беларускім Народным Фронтам "Адраджэньне", створана незалежная Рэспубліка Беларусь, і велічная Пагоня зноў разьвіваецца на нашых беларускіх Бел-Чырвона-Белых штандарах.
І цяпер, у час новай расейскай акупацыі і новай вайны, у час выпрабаваньняў, нам сьвецяць ідэалы Сакавіка і ўздымаюць наш дух, паказваюць нам шлях да перамогі, якая абавязкова настане, і на гэты раз -- назаўсёды.
У аснове ідэалёгіі беларускага нацыянальнага Адраджэньня была задача стварыць нацыянальную дзяржаву на аснове адраджэньня нашай гістарычнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. І гэтая задача была выкананая. Дзяржава Вялікага Княства Літоўскага была адроджана ў межах расьсяленьня беларускага народа і атрымала назоў -- Беларусь, альбо ў палітычным значэньні -- Беларуская Народная Рэспубліка.
Такім чынам, згодна нацыянальных працэсаў, на аснове палітычнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, утварыліся тры нацыянальныя дзяржавы з новымі нацыянальнымі назвамі -- гэта Беларусь (Літва), Украіна (Русь) і Летува (Жамойць).
Яшчэ раней, у 18-м стагоддзі, калі Масковія ператварылася ў імпэрыю, яна таксама засьведчыла сябе ў новай назве -- Расея. Але геапалітычныя дачыненьні ад зьмены назоваў не перамяніліся. Агрэсіўнасьць ардынскай Масковіі супраць Вялікага Княства перайшла ў агрэсіўнасьць Расеі супраць Беларусі, Украіны і ўсёй Прыбалтыкі. Цяпер Масква ўвяла свае акупацыйныя войскі ў Беларусь і, абапіраючыся на калабарацыю і здрадніцтва Лукашэнкі, нішчыць нашу краіну і беларускі народ. Масква напала на Украіну і пагражае ўсёй Эўропе, распачала Трэцюю сусьветную гібрыдную вайну.
Гэтая расейская гібрыдная вайна павінна стаць апошняй расейскай захопніцкай вайной. Сьвет пачынае разумець, што расейскі "мордэр" як прычына сусьветных войнаў на гэты раз мусіць быць спынены і разбураны.
Толькі пасьля спыненьня маскоўскай агрэсіі і дэзінтэграцыі Расеі могуць па-сапраўднаму адрадзіцца і квітнець без пагрозы вайны вольная Беларусь, вольная Украіна і вольныя краіны Прыбалтыкі. Тады ідэалы волі і ідэалы 25-га Сакавіка зазьзяюць ва ўсёй велічы, будучыня Беларусі стане моцнай і непахіснай. Дзень Волі -- гэта вялікае сьвята Беларускага народа.
Асаблівае віншаваньне для нашых эміграцыйных беларускіх арганізацыяў, якія непахісна трымалі і трымаюць сьцяг Незалежнасьці, волі і свабоды Беларусі. І, перш за ўсё, -- віншаваньні для Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, для Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў ЗША, для Згуртаваньня Беларусаў Канады, для беларускіх ваяроў Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія са зброяй змагаюцца ва Украіне сапраць расейскага агрэсара, для Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні і для шматлікіх іншых ва ўсім сьвеце, якія памятаюць пра Беларусь, узвышаюць яе і працуюць дзеля сьветлай будучыні нашай дарагой Бацькаўшчыны.
Жыве Беларусь! Жыве з Богам! Слава Айчыне!
25 Сакавік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК