ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ГАНЬБА
- pepper
- Aug 13
- 3 min read
Палітычная бездапаможнасьць і антынароднасьць падстаўных з канфэрэнцыі ОСЦ ("Офіса Сьвятланы Ціханоўскай"), якая адбылася 9-га жніўня ў Варшаве і якую аглядалі, хто мог, праз Юцюб -- гэта так сабе канфуз супраць беларусаў па параўнаньні з ганьбай (я б назваў гэта амаральным скандалам), якая сталася на нацыянальным стадыёне ў Варшаве.
Тут у гэты ж дзень 9-га жніўня адбылася дзікая вакханалія рускіх паводзінаў пад выступ вядомага сярод прыхільнікаў псэўда-мастацтва Максіма Каржа (зрусіфікаванага выступоўца беларускага паходжаньня), якому быў прапанаваны цэлы стадыён, куды зьехаліся з усёй Польшчы і з суседніх краінаў тысячы экзальтаваных людзей. Ніякага дачыненьня да мастацтва і музыкі вакханалія з масай паўголых цел ня мае. Тут антыэстэтычнае, антымастацкае шарлатанства, разьлічанае на дэгенератыўнае ўспрыняцьце. Сабраная публіка паводзіла сябе па-хуліганску і па-дзікунску. Навошта тое дазволілі і хто такое зрабіў (і зь якой мэтай) -- паўстае пытаньне. Але тое, што адбылося, можа быць да спадобы толькі Маскве і Лукашэнку.
Публіка, якая там сабралася, -- выхадцы з былога Савецкага Саюза, і найперш русіфікаваныя украінцы, расейцы і абмаскоўленыя беларусы. Усе крыкі і гвалт былі па-руску.
Але справа ня толькі ў стадыёне (польскія "кібіцы" ў час футбола паводзяць сябе ня лепш, але яны ў сваёй краіне). Русіфікаванаая публіка, якая з рускім матам і рускімі крыкамі вываліла на вуліцы Варшавы, загадзіла сьмецьцем усё наўкола, галёкала бруднай рускай лаянкай у трамваях і ў дварах горада.
Тут былі ня тыя пратэстныя беларусы, якія ў 2020-м годзе здымалі абутак, становячыся на лавачку і зьбіралі сьмецьце за сабой у адмысловыя мяшкі, каб не засьмечваць навакольле. Тут было нявыхаванае зрасейшчынае бяскультур'е, якое ў агульнай руска-украінскай масе зганьбіла беларусаў перад палякамі.
Я ўсё ж такі схільны лічыць, што арганізацыя гэтага скопішча на стадыёне была зроблена не выпадкова. Арыштавалі больш за сотню хуліганаў. Праўда, беларусаў там мізэр, але гэта не мяняе справы. Добра, каб было ўсчата сьледзтва па арганізатарах. Спадара Каржа, які за гэтае ганьбішча яшчэ і атрымаў грошы, трэба было б таксама прыцягнуць да адказнасьці.
Ужо два дні ўся Варшава (на рынках, у крамах, ва ўстановах, у Сеціве) гудзе аб варварстве на стадыёне і рускай дзікасьці на вуліцах, ў транспарце і дварах. Слова "быдла" -- гэта самае бяскрыўднае, што можна пачуць. Нават прэм'ер Польшчы выказаўся аб гэтым ганьбішчы.
Адзіная пахвальба брыдкай справе прагучэла на партале "Свабода" з вуснаў прадстаўніка "Офіса Сьвятланы Ціханоўскай". (Можа ОСЦ таксама меў дачыненьне да правакацыі. Вельмі ж яна была своеасабліва арганізавана. Мноства беларусаў атрымалі асабістыя запрашэньні на стадыён, а некаторыя нават бясплатныя білеты).
Можна не сумнявацца, што правакацыя спадара Каржа будзе скарыстана пэўнымі палітыкамі ў Польшчы дзеля стварэньня больш жорсткіх умоваў для беларусаў і ўкраінцаў. Зьявяцца рэцыдывы ксенафобіі. Пацерпяць тыя культурныя людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да гэтага зрусіфікаванага статку, што сабраўся на стадыёне і галёкаў на вуліцах.
Ёсьць элемэнтарныя жыцьцёвыя рэчы, якія вымагае культура. Кожны палітычны эмігрант мусіць быць удзячны той краіне, народу і ўладам той краіны, якая дала яму прытулак, прыняла яго ў сваю супольнасьць. Трэба паважаць законы, жыцьцё і традыцыі гэтай краіны, шанаваць звычаі людзей і дапамагаць у добрых справах.
Больш таго (тут я гэта кажу для беларусаў), Масква пагражае вайной Прыбалтыйскім краінам і Польшчы. Малаверагодна, што маскоўцы пачнуць такую вайну. Але калі б яно адбылося, будзем гатовыя, спадары беларусы, ваяваць са зброяй за свабоду Польшчы. І гэта ня фраза, не фантазія. Гэта магчымая рэальнасьць, да якой трэба быць гатовымі. Ці, можа, яшчэ хто-небудзь, нават у эміграцыі, не зразумеў, што такое Расея, то старайцеся хутчэй зразумець.
12.08.2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК



