top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПРА ПАДЗЕІ І ПРАЦЭСЫ

З майго боку пра падзеі і працэсы шмат напісана.

Тут кароткі агляд, які неабходны.


1. Перадгісторыя


У 1994 годзе Масква правяла на прэзыдэнта Беларусі сваю крэатуру -- Аляксандра Лукашэнку, агента КГБ пад агентурнай клічкай "Валет". Валет зрабіў стаўку на Маскву, на аднаўленьне СССР, стаў праводзіць палітыку ў інтарэсах Расеі, зьнішчаць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць. Такая зьява ў палітыцы адлюстроўвае ўнутраную акупацыю краіны і зьяўляецца вынікам гібрыднай вайны.

2-га красавіка 1996 года Лукашэнка (без рашэньня Вярхоўнага Савета) і Ельцын заключылі Дамову аб утварэньні "Супольнасьці Беларусі і Расеі". Адбылася праўная авантура.

У гэты дзень у Кіеве мной было паведамлена (зафіксавана ў сеціве) аб сутнасьці і пэрспэктыве гэтай падзеі, якая разьвівалася ў рэчышчы імпэрскай палітыкі Масквы.

Сутнасьць зьявы была асэнсавана як пачатак аднаўленьня СССР, што прывядзе да акупацыі Беларусі Расеяй, да ўвядзеньня ў Беларусь расейскай атамнай зброі і да нападу на Украіну ў напрамку Кіева з тэрыторыі Беларусі.

Аднак, у 1996 годзе ні украінскае, ні беларускае (па сутнасьці -- яшчэ савецкае) грамадзтва ня ў стане было зразумець і ўспрыняць такую інфармацыю і расейскую небясьпеку вайны.

У 2000-м годзе, калі да ўлады ў Расеі прыйшоў КГБ, стала зразумела, што наперадзе вялікая вайна.

З боку Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ неадкладна была рэалізаваная ініцыятыва правядзеньня міжнароднай канфэрэнцыі вышэйшых палітычных асобаў дзяржаваў і палітычных партыяў аб бясьпецы ў Эўропе. У Амэрыцы ідэя была падтрымана Полам Гоблам (вядомым амэрыканскім палітолагам, аналітыкам і дзеячом), Дэвідам Суарцам (першым амбасадарам ЗША ў Беларусі) і беларускімі арганізацыямі. Прадстаўнікі КХП -- БНФ накіраваліся ў Парыж, Лёндан, Прагу. Я паехаў у Латвію, дзе спатыкаўся з першымі асобамі, размаўляў пра гэта з Джынам Шарпам у Вільні, заручыўся патдрымкай Мечыслава Грыба (ад Беларусі), знайшоў разуменьне ў кіраўнікоў парляманцкіх камісіяў у Польшчы і інш.

Ініцыятыва была спынена прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам (малодшым), які спадзяваўся на зьяўленьне дэмакратыі ў Расеі і верыў ва Уладзімера Пуціна як прадстаўніка гэтай будучай расейскай "дэмакратыі".

2002 год. Пачаўся рэзкі націск на Беларусь з боку Масквы. Ул. Пуцін прапануе далучыць Беларусь да Расеі шасьцю вобласьцямі.

Авантура не ажыцьцявілася ў выніку рэзкага супраціву беларускіх арганізацыяў і беларускай эміграцыі, не была таксама падтрымана Лукашэнкам.

2006 год -- пачынаецца мэтанакіраваная падрыхтоўка з боку Крамля да захопу Украіны, рэзка інтэнсіфікавалася праца расейскіх спэцслужбаў ва Украіне.

2008 год. Ваенная агрэсія Расеі супраць Грузіі.

2013 год. Папярэджаньне з боку Старшыні Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ грамадзкасьці Беларусі аб падрыхтоўцы Расеяй вайны сапраць Украіны.

2014 год. Расейская агрэсія супраць Украіны. Захоп Крыма, Данбаса, усходняй тэрыторыі Украіны.

2019-2021 гг. Падрыхтоўка Расеяй 28-і "дарожных картаў" гібрыднай акупацыі Беларусі.

27 студзеня 2020 г. Папярэджаньне з боку Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ грамадзкасьці Беларусі аб падрыхтоўцы Расеяй новай вялікай вайны і аб паэтапных плянах вайны пуцінскай хунты на заходнім накірунку: акупацыя Беларусі, акупацыя Украіны, акупацыя краінаў Балтыі. (Сеціва "Беларуская Салідарнасьць".)

2020 год. Падрыхтоўка і спроба Масквы справакаваць грамадзкі канфлікт у Беларусі і зьмяніць Лукашэнку на больш кіруемую прамаскоўскую асобу перад нападам на Украіну.

Стварэньне прамаскоўскай апазыцыі ў Беларусі. Масавы народны выступ супраць улады Лукашэнкі. Падтрымка рэжыму Лукашэнкі Расеяй і разгром стыхійнага народнага пратэсту.

Пачатак інсьпіраваных Масквой масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі і перасьлед людзей па актыўнай нацыянальнай прыкмеце.

Студзень 2022 года. Увод расейскіх войскаў (пад выглядам вучэньняў) у Беларусь і пачатак вайсковай расейскай акупацыі Беларусі.

24 люты 2022 год. Напад расейскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі і паход на Кіеў.

2023 год. Увядзеньне расейскай атамнай тактычнай зброі ў Беларусь і падрыхтоўка вайны з выкарыстаньнем тэрыторыі і рэсурсаў Беларусі.


2. Стварэньне прамаскоўскай апазыцыі супраць Лукашэнкі.


Актыўны працэс пачаўся ў 1998 годзе сумесна з нямецкай выведкай. (Ганс Вік -- кіраўнік Менскай місіі АБСЭ і былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны). Быў расколаты Нацыянальна-Вызвольны Рух -- (Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне") і сфармавана пры падтрымцы КГБ "дэмакратычная апазыцыя", фінансаваная з Захаду і арыентаваная на Расею.

Задача "дэмакратычнай апазыцыі", якая прамаўляла эўразьвязаўскай фразеалогіяй, -- адцягнуць грамадзкую ўвагу ад беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў (ад БНФ), выступіць іхным заменьнікам і падрыхтаваць інтэграцыю Беларусі ў Расею.

Для Захаду (немцы) гэта забясьпечвала б бясплатны транзіт, таннае выкарыстаньне рэсурсаў Расеі, націск на Польшчу. Для Масквы -- павелічэньне тэрыторыі, плацдарм для вайны з Захадам і супраць Украіны.

Фінансаваньне намераў прывяло да імітацыі дзейнасьці і да спажывецкага выкарыстаньня дармовых сродкаў. Узьнікла псэўдаапазыцыя, якая задавальняла рэжым Лукашэнкі, які яе пэрыядычна караў, але захоўваў як буфер супраць беларускага дэмакратычнага нацыяналізму.


3. Новы этап -- прарасейская апазыцыя.


Вядучымі асобамі псэўдаапазыцыі былі, як правіла, людзі, зьвязаныя са спэцслужбамі. Найдаўжэй пратрымаўся Аляксандар Мілінкевіч (да 2010 года). Пасьля настаў крызіс і разброд. На паправу Масква прыслала праверанага службіста Міхаіла Бабіча на пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі. Бабіч пераглядзеў шэрагі 5-й калоны і ўзмацніў 18-ць расейскіх рэзідэнтур разьведкі (якія ўжо дзеялі ў Беларусі), і заклаў асновы новай прамаскоўскай "дэмакратычнай апазыцыі" рэжыму. Неўзабаве Бабіч быў выдалены зь Беларусі па настойваньні Лукашэнкі, які адчуў падкоп пад сваю ўладу.

На працягу 2016-2020 гг. навая прарасейская "апазыцыя" негалосна была створана і ўзмоцнена Масквой і заявіла пра сябе ў 2020 годзе ў час прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Зьявіліся нікому не вядомыя людзі, якія нідзе не засьведчылі нават мінімальнай прыхільнасьці да культурна-нацыянальных працэсаў у Беларусі.


4. Выбарчая авантура.


Вядучым прарасейскай "апазыцыі" быў прызначаны дырэктар Беларускай філіі Газпрамбанка Віктар Бабарыка, які заявіў, што задача Беларусі -- увайсьці ў склад Расеі, і што беларусы таго хочуць.

Другім дублёрам прызначылі Валеры Цапкалу, выпускніка МГИМО (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў). Гэта чалавек спэцслужбаў. У пачатку 1990-х маладзёна Цапкалу зрабілі дарадцам Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча дзеля кантролю над кадрам.

Трэцім запасным ратавальным і нестандартным варыянтам падрыхтавалі невядомую хатнюю гаспадыню, выпускніцу перакладчыцкага факультэту Лінгвістычнага унівэрсітэту замежных моваў Сьвятлану Ціханоўскую, жонку невядомага да гэтуль прапуцінскага прыхільніка і прарасейскага актывіста, беларуса па паходжаньні, Сяргея Ціханоўскага.

Рыхтуючыся да хуткага захопу Беларусі і да вайны супраць Украіны, Масква ўпершыню паставіла на замену Лукашэнкі, які ствараў праблемы сваёй учэпістасьцю ва ўладу і дрэнна ўпісваўся ў планы захопу Беларусі і Украіны.

Зразумеўшы сітуацыю, Лукашэнка не дапусьціў прамаскоўскіх стаўленьнікаў да выбараў, арыштаваў Бабарыку і даў магчымасьць Цапкалу ўцячы ў Маскву на "Лубянку".

Тым часам выбарчыя штабы першых двух прамаскоўскіх прэтэндэнтаў аб'ядналіся са штабам трэцяга прэтэндэнта (невядомай Ціханоўскай) і пачалі сумесную агітацыю.

Лукашэнка загадвае старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай (кадр ФСБ) прапусьціць да выбараў Ціханоўскую, жадаючы (дзеля антуражу) мець сабе ліпавага і слабога суперніка.

Гэтая гульня ў "слабога суперніка" сыграла злы жарт. Лукашэнка не зразумеў глыбіні непрыняцьця сваёй асобы ў беларускім грамадзтве. Бальшыня людзей гатовая была галасаваць хоць за каго, хоць за неадушаўлённы прадмет, абы не за Лукашэнку.

Урэшце Лукашэнка зрабіў прывычную фальсіфікацыю, прыпісаўшы сабе больш за 80 адсоткаў галасоў. Але на гэты раз грамадзтва, бальшыня якога галасавала супраць Лукашэнкі, -- абурылася.


5. Правакацыя.


Масква, якая рыхтавала пратэстны варыянт падзеяў, пайшла "ва-банк". Падрыхтаваныя клікуны (найбольш у Інтэрнэце) паклікалі людзей на вуліцу вечарам 9-га жніўня, яшчэ да сканчэньня галасаваньня.

У гэты ж вечар пачаліся напады амонаўцаў на людзей. У наступныя дні лукашысцкі і прысланы пераапрануты маскоўскі АМОН чынілі расправу над народам і забойствы.


6. Пратэсты.


Сітуацыя напачатку разьвівалася па маскоўскаму плану. Пералом адбыўся тады, калі амаль мільён беларусаў выйшлі пад нацыянальным беларускім дзяржаўным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Пратэст стаў набываць нацыянальна-вызвольны характар. Гэта напужала Пуціна. Ёе падтрымаў Лукашэнку, які шукаў ратунку ў Расеі, і ў выніку сітуацыі трапіў у поўную залежнасьць ад Масквы. Пачаліся масавыя няспынныя рэпрэсіі беларусаў.


7. Падстаўная апазыцыя.


Пратэстны народ апынуўся сам па сабе без ніякага лідарства і кіраўніцтва. Трэці маскоўскі варыянт з Ціханоўскай тут быў бездапаможны: нікому не вядомая хатняя гаспадыня ня мела ўяўленьня пра палітыку.

10-га жніўня Ціханоўскую прывозяць у ЦВК на допыт (дзе яе чакалі генэралы КГБ) і пакідаюць там яе ж супольнікі. 11-га жніўня, пасьля жорсткіх умоваў допыту, супрацоўнікі "канторы" вывозяць яе за мяжу ў Вільню, дзе ўжо былі створаныя групоўка і ўмовы для існаваньня ў адпаведных паводзінах.

Тут быў паўтораны стандартны прыём (на гэты раз за мяжой) -- стварэньне фантома антылукашысцкай псэўдаапазыцыі з мэтай адцягненьня ўвагі ад сапраўдных нацыянальна-вызвольных сілаў беларускай эміграцыі.


8. Праект спэцслужбаў.


Як і ў 2000-х гадах, праект спэцслужбаў быў паўтораны "Брусэлем" (Францыяй і Нямеччынай) і адпаведна прафінансаваны. Неўзабаве Ціханоўскую сталі выпускаць на публіку з бездапаможнымі інтэрв'ю на карысьць Расеі і Пуціна. З пачаткам расейскай акупацыі Беларусі і агрэсіі супраць Украіны рыторыку зьмянілі: сталі называць Ціханоўскую "лідэркай" дэмакратыі, "выбранай прэзыдэнткай", "прэзыдэнткай-электам", "анёлам", "Божым дарам" і т. п. Яе сталі вазіць па замежных краінах на спатканьні з першымі асобамі палітыкі, забясьпечылі правільны "дрэс-код", макіяж, прымусілі вывучыць беларускую мову, навучылі стандартнай фразеалогіі. Праект (гэтак жа, як праект 2000-га года) запрацаваў. Шкода ад яго для беларусаў і для нацыянальна-вызвольных сілаў немалая: блытаніца ў галовах людзей, дэзінфармацыя і, што істотна, -- татальнае перацягваньне ўвагі на сябе на міжнародным узроўні. Нават Рада БНР паддалася дэзынфармацыі і маргіналізацыі.

Як усялякая імітацыя, праект "Ціханоўская" перажывае пэрманэнтны крызіс тупіка. Існаваньне яго, аднак, можа працягвацца як заўгодна доўга, пакуль краіны-лідары Эўразьвязу будуць зацікаўлены ў працягу праекта і фінансаваць імітацыю.

Азіраючыся ў гісторыю міжнароднай палітыкі Эўропы, цяжка знайсьці больш ілжывую і бессаромную зьяву, чым праект "Ціханоўская", калі прылюдна разыгрываецца казка пра "голага караля" дзеля прывідных інтарэсаў.


9. Інтарэсы "Масква-Бэрлін".


Інтарэсы падобныя, што і за часы Ганса Віка. Усё вынікае з даўніх нямецка-расейскіх дачыненьняў, падмацаваных геапалітычным і прагматычным разьлікам.

Ні Расеі, ні Нямеччыне, з гледзішча эканомікі і геапалітыкі, не патрэбнае існаваньне незалежнай Рэспублікі Беларусь, якая, фактычна, на сёньняшні дзень уяўляе сабой уваскрэслае Вялікае Княства Літоўскае (галоўную частку яго), якое яны разам з Расеяй угробілі ў канцы 18-га стагоддзя.

Супольныя спробы зьнішчыць існаваньне незалежнай Беларусі былі ў іх у 1918-м годзе ("Берасьцейскі мір"), у 1939-1944-м гг. (пакт Молатава-Рыбентропа, 2-я Сусьветная вайна), у 1998-2000-м гг. (місія Ганса Віка) і цяпер ёсьць палітыкі, якія спадзяюцца на заканчэньне расейска-украінскай вайны мэтадам перамоваў і заключэньня міру з захаваньнем аслабленай дзяржаўнасьці Расеі, Украіны і Беларусі ў інтарэсах Нямеччыны. Незалежная Беларусь у такім пакуль што ілюзорным пасьляваенным раскладзе дагаворным бакам не патрэбная.


10. "Мост".


Як пераходны этап дапускаецца (і пра гэта часта кажацца) функцыянаваньне Беларусі ў якасьці "пераходнага маста" паміж Усходам" і "Захадам". Суб'ектнасьць і суверэннасьць такой дзяржавы-маста сумніўныя, падлягаюць зьнешнім уплывам.

Для дасягненьня такіх ўплываў і фінансуецца фантом Ціханоўскай, на плячах якога па сканчэньні вайны і пры зьменах у краіне, магчыма будзе ўехаць у Беларусь на правах саюзьніка, спонсара і дабрадзея, інвеставаць у эканоміку, уплываць на выбары, на ўладу, на фінансавую сістэму, на гандаль і інфармацыю, на перакупленых асобаў, карыстацца бясплатным транзітам рэсурсаў з Расеі і г. д.

"Мост" для Беларусі -- гэта часовае паўкаляніяльнае існаваньне, якое ў палітычнай зьвязцы паміж Расеяй і Нямеччынай абавязкова скончыцца агрэсіяй, акупацыяй і вайной.


11. Нацыянальна-Вызвольны накірунак -- Беларускае Адраджэньне.


У акупаванай Беларусі, дзе, пры фактычным маўчаньні ўсяго сьвету, адбываюцца жудасныя рэпрэсіі акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў, дзе перапоўненыя турмы, у якіх катуюць і забіваюць людзей, цяпер там цалкам зьнішчана грамадзянская супольнасьць, ліквідаваныя партыі, сотні тысячаў грамадзянаў выгнаны ў эміграцыю. Нацыянальна-вызвольнае асяроддзе ў краіне альбо зьнішчана, альбо загнанае ў падпольле. Народ маўчыць. Але якраз там сьпее разьлічэньне з рэжымам.

Беларускія нацыянальна-вызвольныя дэмакратычныя сілы існуюць у эміграцыі ў Эўропе і за акіянам. Асноўныя беларускія палітычныя арганізацыі -- гэта Рада БНР і Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух -- "Вольная Беларусь". Палітычная сіла іх -- у моцнай ідэалёгіі. Слабіна -- у адарванасьці ад метраполіі, фактычна, адсутнасьць нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, малая фінансавая база.


12. "Вольная Беларусь".


Дзейнай структурай зьяўляецца Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь". Задача -- вызваліць Беларусь ад рэжыму акупацыі, сцьвердзіць незалежнасьць і дэмакратычны лад кіраваньня. Апора -- на Беларускі народ (на грамадзтва Беларусі) і на беларускіх ваяроў, што змагаюцца ва Украіне супраць расейскай агрэсіі, найперш -- на полк Кастуся Каліноўскага. Полк Каліноўскага валодае набытай легітымнасьцю, прызнанай рэальна і засьведчанай крывёй.

Апора на полк Кастуся Каліноўскага забясьпечвае нацыянальна-вызвольным сілам правамоцнасьць дзеяньняў па вызваленьні Беларусі і падтрымку Беларускага народа. Беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы ў барацьбе за волю і незалежнасьць супраць маскоўскіх акупантаў і рэжыму Лукашэнкі апэлююць да ўсяго беларускага грамадзтва, незалежна ад палітычнай прыхільнасьці, ставяць на нацыянальную салідарнасьць перад пагрозай для ўсёй Беларускай нацыі.


13. Расейская "5-я калона", палітычныя імітатары і праваднікі чужой палітыкі:


а). Расейская "5-я калона" і расейская агентура ў Беларусі ацэньваецца нацыянальна-вызвольным рухам як ворагі Беларускай нацыі, мусяць быць забароненыя, асуджаныя і ліквідаваныя згодна заканадаўства.

б). Імітатары і аплочаныя праваднікі чужой палітыкі маюць шанец адмовіцца ад дзеяньняў нацыянальнай здрады і далучыцца да беларускай народнай салідарнасьці ў барацьбе за вольную Беларусь супраць расейскага акупанта і яго здраднага калабаранцкага рэжыму Лукашэнкі, што не выключае, аднак, іх адказнасьці і сьледчых дзеяньняў па іхняй антыдзяржаўнай антыбеларускай дзейнасьці.*

в). Моцным палітычным ляйтматывам усіх беларускіх нацыянальна-вызвольных змагароў і актывістаў ёсьць усямернае і ўсебаковае спрыяньне змагарам за свабоду Украіны ў барацьбе супраць расейскага агрэсара.

Палітыкі беларускага нацыянальна-вызвольнага Адраджэньня зыходзяць з вопытнага разуменьня, што толькі перамога Украіны над расейскім агрэсарам і толькі ліквідацыя расейскай імпэрскай сістэмы ўлады і расейскай варварскай антычалавечай ідэалогіі "русского мира" можа забясьпечыць волю і незалежнасьць для Украіны і Беларусі і гарантаваць мір у Эўропе.


7 люты 2024 г.

Зянон Пазьняк


-----------------------------------------

* Заўвага. Расейская агентурная прапаганда і прапаганда прафанаў (разьлічаная на прафанаў) пастаянна жуе тэзіс аб "об'единении всех демократических сил". Сам па сабе гэты тэзіс абсурдны і антыдэмакратычны, выкарыстоўваецца спэцслужбамі звычайна з намерам разбурэньня нацыянальнага і сапраўды дэмакратычнага руху. У традыцыйнай палітычнай практыцы такога не бывае. (Ня можа халяўная дэмапазыцыя, што існуе на датацыях чужой палітыкі, "аб'ядноўвацца" з нацыянальным рухам, які змагаецца супраць гэтай чужой палітыкі.) У дэмакратычнай палітыцы магчыма толькі стварэньне аб'яднанай дэмакратычнай кааліцыі ў электаральным працэсе выбараў у парлямант. Прытым толькі ў парлямант (не на выбарах прэзыдэнта).

Anchor 1
bottom of page