Беларускі Нацыянальны Сакратарыят
Руху "Вольная Беларусь"
ЗВАРОТ
Гэты зварот у друк да ўрадаў краін і людзей добрай волі.
Мы, патрыёты Беларусі, краіны, акупаванай расейскімі войскамі і здрадніцкай антыбеларускай клікай Лукашэнкі, якая забівае і катуе мірных беларусаў, зьвяртаемся да людзей дэмакратычных краінаў і ўрадаў.
24 лютага спаўняецца год ад нападу расейскага войска на Кіеў і пачатку татальнай варварскай агрэсіі Масквы супраць Украіны. Пуцінскі рэжым пры падтрымцы расейскага таталітарнага грамадзтва аб'явіў аб намерах зьнішчыць Украінскую дзяржаву і Украінскі народ. Бомбамі і ракетамі разбураюць украінскія гарады, жылыя дамы і паселішчы, па-зьверску катуюць мірных людзей на захопленых землях, дэманструюць сярэднявечную жорсткасьць і нянавісьць да чалавецтва, адкрыта пагражаюць вайной усёй дэмакратычнай цывілізацыі.
Украіна мужна змагаецца супраць расейскага агрэсара за сваё існаваньне, за свабоду і волю дэмакратычнага сьвету.
Колькасныя і тэхнічныя ваенныя рэсурсы расейскага агрэсара шматкроць большыя, чым колькасныя і тэхнічныя вайсковыя рэсурсы Украіны. Але гераічны Украінскі народ і яго армія ўжо амаль год стрымліваюць агрэсараў. Украінцы здольныя да перамогі, калі будуць мець неабходныя ўзбраеньні.
Цяпер крытычны час. Расея рыхтуе маштабную мабілізацыю, якая можа дасягнуць паўтары-два мільёны чалавек. Нельга дапусьціць, каб варварскі пуцінскі рэжым зьнішчыў Украіну і прымусіў Захад пагадзіцца са злачынствамі расейскага войска супраць народа Украіны.
Мы зьвяртаемся да дэмакратычнага грамадзтва і дэмакратычных урадаў адкінуць усе пабочныя супярэчнасьці і ілюзіі і тэрмінова, неадкладна, у неабходных колькасьцях і маштабах дапамагчы Украіне сучаснай зброяй дзеля абароны ўкраінскай Айчыны і ўсяго вольнага сьвету ад небясьпекі новага расейскага фашызму, агрэсіі і вайны.
19 студзень 2023 год
Зянон ПАЗЬНЯК
Павел УСАЎ
Юры БЕЛЕНЬКІ
(ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту
Руху "Вольная Беларусь")
Comments