top of page

ЗВАРОТ ДА КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ АБ ДАПАМОЗЕ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ Ў ВЫЖЫВАНЬНІ ПАД АКУПАЦЫЯЙ, У ЗМАГАНЬНІ ЗА ВОЛЮ І ДЭМАКРАТЫЮ

УВАГА!

МАТАР'ЯЛ ПРА СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСАЎ.

ДАТЫЧЫЦЬ УСІХ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ


ЗВАРОТ

ДА КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ

АБ ДАПАМОЗЕ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ

Ў ВЫЖЫВАНЬНІ ПАД АКУПАЦЫЯЙ,

Ў ЗМАГАНЬНІ ЗА ВОЛЮ І ДЭМАКРАТЫЮ


           За апошні год Беларусь, беларускае грамадзтва, а таксама беларуская эміграцыя, сутыкнуліся з шэрагам дзеяньняў з боку эўрапейскіх краінаў, якія абмяжоўваюць правы і магчымасьці беларусаў, а таксама прыроўніваюць беларускі народ і Беларусь да Расеі.

         Фактычна, на сёньняшні дзень мы маем дачыненьне з “дывановымі санкцыямі”. Асабліва гэта праяўляецца ў апошнім санкцыйным пакеце, прынятым Эўрапейскай Радай (COUNCIL REGULATION (EU) 2024/1865) 29 чэрвеня 2024 года. У гэтым пакеце пералічана больш за100 тыс., розных відаў тавараў, ад тых, якія могуць быць задзейсьнены ў вайсковай прамысловасьці, да базавых бытавых, такія як: гузікі, супы, вопратка (прытым нават ўжываная), фарбы, папера (нават туалетная), пэнзлікі для маляваньня і г.д. Такога роду санкцыі, гэта ня толькі ўдар па простых людзях, але дэманстрацыя абсурднай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу.

         Фактычна, тут назіраюцца дзеяньні татальнага гандлёвага эмбарга і эканамічнай блакады Беларускага народа. Пытаньне ў чым сэнс і прычына такой абсурднай палітыкі?! Чаму такое робіцца? Якія мэты? Чые гэта мэты?

            “Дывановыя санкцыі” зьяўляюцца аб’ёмнымі санкцыямі, якія датычаць простых грамадзянаў і непасрэдна б’юць па іх прыватных эканамічных інтарэсах і эканамічнай актыўнасьці, ствараючы ўмовы для пагаршэньня іхняга сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту. Падобныя санкцыі зьяўляюцца прыкладам таго, што ЭЗ прызнае і ўводзіць прынцып калектыўнай адказанасьці беларусаў за дзеяньні Лукашэнкі, а таксама бачыць у беларусах пагрозу, роўную той якая ідзе з боку расейцаў. І гэта ня гледзячы на тое, што Беларусь і беларусы не зьяўляюцца ўдзельнікамі адкрытай агрэсіі супраць Украіны, хоць Расея і выкарыстоўвае антынародны калабаранцкі рэжым Лукашэнкі ў сваіх антыукраінскіх інтарэсах.

         Іншымі прыкладамі несяброўскай і несалідарнай палітыкі ў дачыненьні да беларускага грамадзтва зьяўляецца падыход некаторых краінаў-суседзяў, напрыклад увядзеньне забароны на ўзезд у Латвію машын з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Забарона дзейнічае з 16 ліпеня. Такая ж дыскрымінацыйная забарона зьявілася з боку Летувы. Рознага кшталту абмежаваньні і забароны ў дачыненьні да беларусаў дзейнічаюць з боку Польшчы, Летувы і Эстоніі.

            У сваю чаргу, эўрапейскія палітыкі неаднаразова гучна выказавалі сваю падтрымку і салідарнасьць для беларускага народу ў барацьбе з дыктатарам Лукашэнкам, аднак жа рэальныя дзеяньні эўрапейскіх краінаў сьведчаць пра адваротнае.

         Тэндэнцыі і пашырэньне рознага кшталту абмежавальных дзеяньняў у апошнія часы, ўзбуджаюць непакой адносна таго, што беларусам, якіх ўжо прыраўнялі да расейцаў, будзе цалкам забаронены ўезд у краіны ЭЗ. Гэта канчаткова спрычыніцца да зьнішчэньня рэшткаў дзяржаўнай незалежнасьці і самога беларускага грамадзтва, прысьпешыць анэксію Беларусі Расеяй і захоп беларускага плацдарма Масквой.

           Палітыка “Дывановых санкцый” прывядзе не толькі да пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча і актыўнасьці беларусаў, але будзе спрыяць яшчэ большай ізаляцыі беларускага грамадзтва, моцна абмяжуе мабільнасць людзей і перанакіруе ў бок Расеі. Менавіта гэта зьяўляецца стратэгічнай мэтай Масквы. Ва ўмовах ізаляцыі і дыскрымінацыі беларусаў, будуць ўзрастаць варожыя, антыеўрапейскія настроі ўнутры беларускга грамадства, якія раскруціць маскоўская прпаганда. Гэты працэс узмоцніцца праз пашырэньня інфармацыйнага ўплыву з боку Расеі.

Больш таго, “дывановыя санкцыі” цалкам ігнаруюць факт, што ў Беларусі застаюцца сотні тысячаў грамадзян, якія актыўна выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі і патрапілі пад рэпрэсіі. Гэтыя людзі ня маюць ніякай магчымасьці пакінуць краіну і атрымаць усебаковую матэрыяльную падтрымку за мяжой. Знаходзячыся пад маральным і палітычным ціскам ўладаў, яны сутыкнуцца з дадатковымі матэрыяльнымі цяжкасьцямі.

              Трэба адзначыць, што для шмат якіх людзей, у тым ліку з актыўнай палітычнай пазіцыяй, эканамічныя сувязі зь Летувой, Латвіяй, Польшчай ёсьць адзінай крыніцай даходу і забясьпячэньня базавых матэрыяльных патрэбаў. Ёсьць сітуацыі, калі адзінай магчымасьцю падтрымкі сем’яў палітычных зьняволеных і пацярпелых ад рэпрэсій зьяўляюцца перадачы базавых тавараў з-за мяжы, гуманітарныя выезды за такой дапамогай, якія зараз будуць цалкам абмежаваныя.

             У гэтых умовах дэмакратычны Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь”, заклікае краіны Эўрапейскага Зьвязу:

1. Спыніць палітыку прыраўніваньня Беларусі і беларусаў да Расеі і да расейцаў;

2. Спыніць палітыку дыскрымінацыі беларусаў за мяжой;

3. Увесьці мараторый і радыкальным чынам перагледзіць апошні пакет санкцый, уведзены Эўрапейскім Зьвязам супраць Беларусі;

4. Прытрымлівацца агучаных прынцыпаў падтрымкі і салідарнасьці для беларускга народу і ствараць умовы для пашырэньня яго сувязаў з Эўропай і еўрапейскага ўплыву ў Беларусі.

           Заклікаем усе прабеларускія дэмакратычныя структуры падтрымаць наш зварот.


Зянон ПАЗЬНЯК

-- Доктар мастацтвазнаўства, Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Парламенцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, Палітычны лідар Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь".


Павел УСАЎ 

-- Доктар грамадскіх навук, прафесар, сябра Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту Руху "Вольная Беларусь", кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозаў (Варшава)


Жыве Беларусь!

Anchor 1
bottom of page