ЗЯНОН. Вечарам у цішыні. (VІІІ.2026)
- 1 day ago
- 1 min read
УКРАІНА 2026
Вясна.
Зелянее прастор.
Зацьвітае падбел.
Палкавы мінамёт.
Не сьпяваюць шпакі.
Сьвішча міна
Над плыткім акопам.
ПАМЯЦЬ ПРА КАЛІНОЎЦАЎ
У гэтай магіле
Ляжаць пабрацімы.
А я ўвогуле не на вайне.
І цяжка ў душы, --
Не было мяне з вамі, братове.
У КІЕВЕ Ў ЧАС ВАЙНЫ
Людзі йдуць
Уздоўж сьцяны памяці,
І забітыя з фатаграфіяў
Моўчкі
глядзяць.
СТАНІСЛАЎ*
Страляў танк.
Уздрыгнуліся сьцены.
Абвалілася столь.
Пруць маскалі.
Па пояс прыціснула ногі
Каменнай плітой.
-- Адыходзім усе!
Гранату мне, хлопцы, гранату! --
Крычыць Станіслаў, --
Усе пайшлі! Не марудзь!
«Слава Украіне!» і
«Жыве Беларусь!» --
Апошні ўсклік --
Перш чым бахнула сьмерць.
------------------
*У 2023 годзе, едучы з ваярамі ў «Хамэры» па дарозе ў Бахмут, я разгаварыўся з земляком Станіславам з Гародні. Добрым ён здаўся мне чалавекам. Потым я даведаўся, што Станіслаў загінуў. Паранены, прыдушаны бэтоннымі перакрыцьцямі, абваленага пасьля выбуху дома, ён узарваў сябе гранатай, каб ня дацца на зьдзек расейцам.
РАКЕТЫ
...
Ноччу, замест зорак зь неба,
Падалі ракеты на жывых людзей...
І ўзьняліся яны
ў нябесную Украіну.
РАНІЦА -26
...
Мінула ноч.
Сьветлая раніца над Дняпром.
Чорны дым.
Устрывожана птушкі лятуць.
УКРАІНЦЫ
...
Калі загінулі пабрацімы,
Чорны аўтобус іх вёз на Радзіму,
Далёка на захад,
На вясковы пагост.
Уздоўж дарогі маўкліва
На каленях стаяў народ.



